Multilingual Folk Tale Database


Information

Author: Charles Perrault - 1697

Translated into Belarusian

Original title (French):
Le petit chaperon rouge

Country of origin: France

Story type: Little Red Riding Hood (ATU 333)

Translations

Albanian - viewaligned

Belarusian - aligned

Bulgarian - viewaligned

English - viewaligned

Polish - viewaligned

Swedish - viewaligned


Add a translation

Adaptations

Jacob & Wilhelm Grimm (German) - viewaligned

Чырвоная Шапачка

Charles Perrault

Жыла-была ў адной вёсцы маленькая дзяўчынка. Такая прыгожая, што прыгажэйшай за яе і на свеце не было. Маці яе вельмі любіла, а бабуля яшчэ больш.

У дзень нараджэння унучкі падарыла ёй бабуля чырвоную шапачку. З таго часу дзяўчынка ўсюды хадзіла ў сваёй новай цудоўнай чырвонай шапачцы.

Суседзі так пра яе і гаварылі:

— Вунь Чырвоная Шапачка ідзе!

Аднойчы спякла мама піражок і сказала дачцэ:

— Схадзі ты, Чырвоная Шапачка, да бабулі, занясі ёй гэты піражок і гарнушак масла ды даведайся, ці здаровая яна.

Сабралася Чырвоная Шапачка і пайшла да бабулі ў суседнюю вёску. Ідзе яна лесам, а насустрач ёй шэры воўк. Дужа захацелася яму з’есці Чырвоную Шапачку, ды толькі не асмеліўся ён: дзесьці непадалёку стукалі сякерамі дрывасекі. Аблізнуўся воўк і пытаецца ў дзяўчынкі:

— Куды ты ідзеш, Чырвоная Шапачка?

А Чырвоная Шапачка яшчэ не ведала, як гэта небяспечна — спыняцца ў лесе і размаўляць з ваўком. Павіталася яна з ваўком і кажа:

— Іду да бабулі і нясу ёй вось гэты піражок і гарнушак масла.

— А ці далёка жыве твая бабуля? — пытаецца воўк.

— Даволі далёка, — адказвае Чырвоная Шапачка. — Вунь у той вёсцы за млынам, у першай хатцы з краю.

— Добра, — кажа воўк, — мне таксама хочацца наведаць тваю бабулю. Я па гэтай дарозе пайду, а ты ідзі па той, паглядзім, хто з нас хутчэй прыйдзе.

Сказаў гэта воўк і пабег з усіх ног па самай кароткай дарожцы. А Чырвоная Шапачка пайшла па самай доўгай дарозе. Ішла яна, не спяшалася, час ад часу спынялася, кветкі рвала і збірала ў букет. Не паспела яна яшчэ і да млына дайсці, а воўк тым часам прыбег да бабулінай хаты і стукаецца ў дзверы:

— Стук-стук!

— Хто там? — пытаецца бабуля.

— Гэта я, унучка ваша, Чырвоная Шапачка, — адказвае воўк тоненькім голасам. — Я да вас у госці прыйшла, піражок прынесла і гарнушак масла.

А бабуля якраз хворая была і ляжала ў ложку. Яна падумала, што гэта і праўда Чырвоная Шапачка, і крыкнула:

— Шмаргані за вяровачку, дзіцятка маё,— дзверы і адчыняцца.

Воўк шмаргануў за вяровачку — дзверы і адчыніліся. Кінуўся воўк на бабулю і зараз праглынуў яе. Ён быў дужа галодны, бо тры дні нічога не еў. Потым зачыніў дзверы, улёгся на бабулін ложек і пачаў чакаць Чырвоную Шапачку. Неўзабаве яна прыйшла і пастукалася:

— Стук-стук!

— Хто там? — пытаецца воўк.

А голас у яго грубы, хрыплы. Чырвоная Шапачка спалохалася спачатку, але потым падумала, што бабуля ахрыпла ад прастуды і таму ў яе такі голас.

— Гэта я, унучка ваша, — кажа Чырвоная Шапачка. — Прынесла вам піражок і гарнушак масла.

Воўк адкашляўся і сказаў тоненька:

— Шмаргані за вяровачку, дзіцятка маё, — дзверы і адчыняцца.

Чырвоная Шапачка шмарганула за вяровачку — дзверы і адчыніліся.

Зайшла дзяўчынка ў дамок, а воўк схаваўся пад коўдру і кажа:

— Пакладзі, унучка, піражок на стол, гарнушак на паліцу пастаў, а сама прыляж побач са мной. Ты, мусіць, вельмі стамілася.

Чырвоная Шапачка легла побач з ваўком і пытаецца:

— Бабулечка, чаму ў цябе такія вялікія рукі?

— Гэта каб мацней цябе абняць, дзіцятка маё.

— Бабулечка, чаму ў цябе такія вялікія вушы?

— Каб лепш чуць, дзіцятка маё.

— Бабулечка, чаму ў цябе такія вялікія вочы?

— Каб лепш бачыць, дзіцятка маё.

— Бабулечка, чаму ў цябе такія вялікія зубы?

— А гэта каб хутчэй з'есці цябе, дзіцятка маё!

Не паспела Чырвоная Шапачка і войкнуць, як люты воўк накінуўся на яе і праглынуў разам з чаравічкамі і чырвонай шапачкай.

Але, на вялікае шчасце, у гэты самы час міма хаткі праходзілі дрывасекі з сякерамі на плячах. Пачулі яны шум, убеглі ў хатку і забілі ваўка. А пасля распаролі яму жывот, і адтуль выйшла Чырвоная Шапачка, а за ёй бабуля — абедзве цэлыя, нібы нічога і не здарылася.