Multilingual Folk Tale Database


Information

Author: Jacob & Wilhelm Grimm - 1812

Translated into Belarusian

Original title (German):
Der gute Handel

Country of origin: Germany

Translations

Belarusian - aligned

Danish - viewaligned

Dutch - viewaligned

English - viewaligned

Italian - viewaligned

Portuguese - viewaligned

Spanish - viewaligned

Vietnamese - viewaligned


Add a translation

Выгадная справа

Jacob & Wilhelm Grimm

Прывёў селянін на базар карову і прадаў яе там за сем талераў.

Прадаў карову, атрымаў грошы і пайшоў назад дадому. Вось ідзе ён каля сажалкі і чуе - крычаць у вадзе жабы: «Ква, ква, ква, ква!»

«Вось дурныя жабы, - падумаў селянін, - якую лухту кажуць. Сем талераў я за карову атрымаў, а зусім не два».

Падышоў ён да вады і крыкнуў жабам:

- Гэй вы, жабы, каму лепей ведаць: мне ці вам, колькі я атрымаў - сем талераў ці два?

А жабы ўсё крычаць: «Ква, ква, ква, ква!»

- Ну вось, калі не верыце, глядзіце - я іх яшчэ раз пералічу.

Выцягнуў ён грошы з кішэні і пералічыў усе сем талераў.

А ў жаб, відаць, свой лік быў, і яны зноў пачалі крычаць: «Ква, ква, ква, ква!»

- Ах, вось вы якія! - закрычаў селянін. - Усё спрачаецеся ды мне не верыце! Дык бярыце ж, самі лічыце!

Узяў грошы і кінуў іх у ваду.

Потым сеў на беразе і стаў чакаць, ці хутка жабы грошы пералічаць і вернуць яму.

Чакае, чакае, а жабы па-ранейшаму крычаць: «Ква, ква, ква, ква!» І грошай не вяртаюць.

Раззлаваўся тады селянін і закрычаў:

- Ах, вы, вадаплясьніцы! Ах, вы, тоўстагаловыя ды лупатыя! Крычаць вы ўмееце так гучна, што ад вашага крыку ў вушах звініць, а самі талеры злічыць не ўмееце! Ці не думаеце вы, лупатыя, што я буду чакаць тут да вечара, калі вы там у сябе падлік адолееце?

А жабы яму ў адказ: «Ква, ква, ква!»

Зусім раззлаваўся на іх селянін, плюнуў ад злосці і пайшоў дадому.

Мінула трохі часу, і вырашыў ён прадаць другую карову. Зарэзаў яе і павёз мяса на базар.

Пад'язджае ён да горада, а там каля самай брамы сабак вельмі многа сабралася. А паперадзе ўсіх стаіць вялізны гончы сабака. Учуў сабака мяса, пачаў скакаць вакол воза і брахаць: «Дай, дай, дай!»

А селянін кажа яму:

- Бач ты які хітры, нездарма кажаш: «Дай, дай». Гэта ты мяса хочаш. Ды я ж не такі дурны, каб яго табе аддаць.

А сабака зноў брэша: «Дай, дай, дай!»

- Ну што з табой рабіць, - сказаў ён. - Ведаю я, у каго ты служыш, пакіну табе мяса. Толькі глядзі: праз два дні прынясі мне за яго грошы, а не то табе дрэнна будзе.

Скінуў ён усё мяса з воза і паехаў дадому.

А сабакі накінуліся на мяса і брэшуць: «Дай, дай, дай!»

Пачуў селянін іхні брэх і падумаў: «Гэта яны ад вялікага сабакі сваю долю патрабуюць. Ды ці ж мне не ўсё роўна: плаціць жа ён будзе».

Мінула два дні.

Прачнуўся селянін на трэці дзень раніцай і думае: «Ну, сёння я багатым стану, сёння мне сабака павінен грошы прынесці».

Аднак і дзень прайшоў, і вечар настаў, а грошай ніхто не прынёс.

- Ну і час настаў, - кажа ён, - нікому верыць нельга. Пайду да гаспадара гэтага сабакі, - гарадскога мясніка. Няхай ён мне грошы за мяса аддасць.

Так ён і зрабіў.

Прыйшоў да мясніка і кажа:

- Гэй, гаспадар, аддавай мне грошы за мяса, якое я твайму сабаку прадаў.

- Ды ты што, - кажа мяснік, - з глузду з'ехаў, ці што?

- Не, - кажа селянін, - я пры сваім розуме, плаці грошы.

Тады мяснік раззлаваўся, схапіў палку і прагнаў яго.

- Ідзі, - кажа, - пакуль цэлы. А калі яшчэ раз сюды прыйдзеш, зноў на сваёй спіне палку адчуеш.

Пайшоў селянін ад мясніка.

«Куды, - думае, - ісці мне цяпер скардзіцца, хто мне дапаможа? Пайду ў каралеўскі палац».

Так ён і зрабіў.

Пусцілі яго ў палац.

Увайшоў ён у тронную залу, а там сядзяць на троне кароль і каралеўская дачка.

- На што скардзішся? - пытаецца ў яго кароль. - Хто цябе пакрыўдзіў?

- Ах, - сказаў селянін, - жабы ў мяне грошы адабралі, сабакі - мяса, а мяснік мяне за гэта палкай набіў.

Пачаў ён ім падрабязна расказваць пра свае няшчасці. А дачка каралеўская слухала яго, слухала ды раптам не стрымалася і зарагатала.

Тут кароль і кажа:

- Ні жаб, ні сабак я пакараць не магу, а вось з дачкой маёй ты можаш ажаніцца. Бо яна яшчэ ніколі не смяялася, і я абяцаў аддаць яе замуж за таго, хто першы яе рассмяшыць. Бачыш, які ты шчаслівы!

- Ну і зрабіў ласку, - кажа селянін. - Я зусім жаніцца не хачу. У мяне дома свая жонка ёсць, навошта мне твая дачка. У мяне хата маленькая, не тое што твой палац, нам і дваім з жонкай цесна.

Тут кароль раззлаваўся і закрычаў:

- Ты няветлівы і грубы, вось ты які!

- Што ж, - адказаў яму селянін, - сам ведаеш: на свінцы не шоўк, а шчацінне.

- Ну, добра, - кажа кароль, - цяпер ідзі прэч. Я табе іншую ўзнагароду прызначу. Дні праз тры заходзь у палац, тады я табе ўсе пяцьсот адсыплю спаўна.

Пайшоў селянін з палаца, а каля брамы спыніў яго салдат з каралеўскай варты і кажа:

- Ты рассмяшыў каралеўну, дык пэўна, ужо, за гэта атрымаеш добрую ўзнагароду.

- Так, - сказаў селянін, - неблагую. Мне будзе за гэта пяць сотняў выплачана.

- Паслухай, - кажа яму салдат, - навошта табе столькі грошай, даў бы ты мне трохі!

- Ну што ж, - адказвае селянін, - дзве сотні магу табе аддаць. Прыходзь праз тры дні да караля і скажы, каб ён табе іх выплаціў замест мяне.

А тут адзін гандляр пачуў іх размову, падбег да мужыка і таксама пачаў яго ўгаворваць. Чым, кажа, табе тры дні гэтых грошай чакаць, вазьмі ў мяне зараз сто пяцьдзесят. А ўсе астатнія я сам у караля атрымаю.

- Давай, - кажа селянін. - Мне грошы патрэбны.

Праз тры дні ён зноў прыйшоў да караля.

- Здымайце з яго адзенне, - загадвае кароль, - ён павінен атрымаць свае пяць сотняў.

- Не, - кажа селянін, - нічога не атрымаецца. Не мае гэтыя пяць сотняў. Я іх ужо твайму салдату ды аднаму гандляру падараваў.

І сапраўды, прыходзяць у гэты момант салдат і гандляр да караля і патрабуюць: салдат дзвесце, а гандляр трыста.

Так ім і далі: салдату дзвесце розгаў, а гандляру трыста.

Салдата на каралеўскай службе часта білі, дык ён асабліва не гараваў і вытрымаў, а гандляр увесь час крычаў:

- Ой, баліць! Ой, якія вашы грошы моцныя!

А селянін пайшоў дадому і ўсю дарогу радаваўся, што так лёгка каралеўскай узнагароды пазбавіўся.